ТЫШКЕ́ВІЧАВЫ ТЭА́ТРЫ,
прыватныя тэатр. трупы магнатаў Тышкевічаў у 18—19 ст. у іх рэзідэнцыях — Свіслачы (Гродзенская вобл.) і Плешчаніцах (Лагойскі р-н Мінскай вобл.). Свіслацкі тэатр створаны да 1788 графам В.Тышкевічам як аматарскі. У паказах, якія адбываліся ў суправаджэнні прыгоннай капэлы, удзельнічалі вучні гімназіі, жыхары мястэчка, прыцягваліся і сяляне. Муз. рэпертуар складаўся з твораў кампазітараў Дж.Паізіела, І.С.Баха, Л.Бакерыні і інш. Выступалі і «вольныя» драм., оперныя і балетныя трупы (Я.Шыманскага, 1803; М.Кажынскага, 1817—19 і інш.). Пра дзейнасць Плешчаніцкага тэатра вядома ў 1820—30-я г. Т-р быў аматарскі, але найчасцей у ім выступалі прафес. трупы, што гастраліравалі ў Свіслачы. Меў добрае абсталяванне, некалькі камплектаў дэкарацый і касцюмаў, якія пасля пажару ў 1835 перададзены т-ру ў Мінску.
Літ.:
Барышаў Г.І. Гарадскі і маёнткавы прыгонны тэатр на тэрыторыі Беларусі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.
т. 16, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)